top of page

Прадмова

Падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў прадугледжвае не толькі забеспячэнне навучэнцаў ведамі па пэўнай прафесіі, але і фарміраванне ў іх маўленчай культуры. Паколькі мысленне чалавека і яго мова знаходзяцца ў непарыўнай сувязі, то менавіта ад узроўню моўнай адукацыі залежыць якасць прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў.

Электронны вучэбны дапаможнік па вучэбным прадмеце “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” падрыхтаваны на аснове тыпавой вучэбнай праграмы “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”. Прызначаецца для навучэнцаў прафесійных устаноў адукацыі, якія набываюць спецыяльнасць 4-02-0712-01 “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання”, кваліфікацыю “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання”.

Мэта: стварыць умовы для эфектыўнай самастойнай дзейнасці навучэнцаў і развіцця іх прафесійных кампетэнцый пры дапамозе выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій, якія забяспечваюць актыўнае і творчае засваенне вучэбнага матэрыялу ў актуальных умовах.

Задачы:

  • удасканальваць веды навучэнцаў па беларускай мове, садзейнічаць авалоданню прафесійнай лексікай, павышаць моўную культуру электраманцёра;

  • павышаць цікавасць да вывучаемага прадмета праз прымяненне сучасных інфармацыйных тэхналогій;

  • актывізаваць вучэбна-пазнавальную дзейнасць навучэнцаў у працэсе выкарыстання электроннага вучэбнага дапаможніка;

  • садзенічаць рэалізацыі міжпрадметнай інтэграцыі з вучэбным прадметам “Электратэхніка”.

Электронны вучэбны дапаможнік распрацаваны з дапамогай анлайн-канструктара сайтаў “Wix”. Працаваць з электронным вучэбным дапаможнікам можна на ўсіх мабільных устройствах. У электронным адукацыйным рэсурсе рэалізавана сістэма навігацыі, якая дазваляе карыстальнікам перамяшчацца па раздзелах: звяртацца да зместу, практычных заданняў і г.д.

Электронная форма дапаможніка робіць яго больш “мабільным”, дзякуючы выкарыстанню лагічных спасылак унутры вучэбнага матэрыялу. Пры гэтым навучэнец можа лёгка знайсці адказ на тое, што яго цікавіць па тэме, вярнуцца да тэорыі ў выпадку ўзнікнення цяжкасцей пры выкананні практычных заданняў, зрабіць закладку ў патрэбным раздзеле. Гіпертэкставая структура дазваляе навучэнцам вызначыць не толькі аптымальную траекторыю вывучэння матэрыялу, але і зручны тэмп працы і спосаб выкладу матэрыялу, які адпавядае псіхафізіялагічным асаблівасцям яго ўспрымання.

Электронны вучэбны дапаможнік складаецца з наступных раздзелаў:

Тэарэтычны блок, у якім змяшчаецца лекцыйны матэрыял па тэмам “Беларуская мова ў грамадстве”, “Лексічная сістэма беларускай літаратурнай мовы”, “Функцыянальныя стылі маўлення”, “Культура прафесійнага маўлення” і пытанні для самакантролю.

Практычны блок, у якім змяшчаюцца практыкаванні да кожнай тэмы і спецыяльныя тэксты для перакладу.

Інтэрактыўныя практыкаванні, створаныя ў анлайн-сэрвісе Web 2.0 LearningApps.

“Кароткі руска-беларускі слоўнік электратэхнічных тэрмінаў”, які змяшчае асноўныя спецыяльныя паняцці з дапаможніка.

Асаблівасці перакладу тэкстаў з рускай мовы на беларускую.

Спіс выкарыстаных крыніц.

Дадзеная структура падручніка дапаможа навучэнцам па абранай спецыяльнасці больш дасканала засвоіць тэарэтычны матэрыял і прымяніць атрыманыя веды на практыцы.

У адукацыйным працэсе электронны адукацыйны рэсурс можа выкарыстоўвацца:

  • для вывучэння новага вучэбнага матэрэялу;

  • для замацавання вучэбнага матэрыялу;

  • для сістэматызацыі і праверкі ведаў;

  • для засваення тэрмінаў прафесійнай накіраванасці.

Для самастойнай працы навучэнцаў рэкамендуем наступную паслядоўнаць выкарыстання электроннага адукацыйнага рэсурса:

  • выбраць і адкрыць патрэбны раздзел;

  • вывучыць тэарэтычны матэрыял;

  • замацаваць матэрыял з дапамогай пытанняў для самаканролю і практыкаванняў;

  • выканаць інтэрактыўныя практыкаванні, карыстаючыся “Кароткім руска-беларускім слоўнікам электратэхнічных тэрмінаў;

  • праверыць ступень засваення матэрыялу, выканаўшы пераклад тэксту.

Асноўнымі перавагамі выкарыстання электроннага вучэбнага дапаможніка на вучэбных занятках па беларускай мове (прафесійная лексіка) з’яўляюцца наступныя:

  1. Электронны вучэбны дапаможнік, як праграмны прадукт вучэбнага прызначэння, з’яўляецца для навучэнцаў дадатковай крыніцай інфармацыі разам з падручнікам і выкладчыкам.

  2. Робіць больш даступным вучэбны і дыдактычны матэрыял.

  3. Праца ў электронным вучэбным дапаможніку ўзбагачае кола ўяўленняў навучэнцаў аб тэрмінах прафесійнай накіраванасці, задавальняе іх цікаўнасць і інтарэсы.

  4. Актывізуе пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, робіць яе больш цікавай і менш працаёмкай.

  5. Дазваляе выкладчыку правяраць веды навучэнцаў на больш якасным узроўні.

  6. Пры ўзнікненні неабходнасці выкладчык можа дапаўняць і змяняць тэкставы і ілюстрацыйны матэрыял.

Такім чынам, выкарыстанне электроннага вучэбнага дапаможніка пры падрыхтоўцы спецыялістаў па кваліфікацыі “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання” дазваляе павысіць якасць адукацыйнага працэсу за кошт індывідуалізацыі і нагляднасці ў навучанні, аператыўнасці правядзення кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці; расшырэння адукацыйнай прасторы.

 

Асаблівасці перакладу тэкстаў

Зваротная сувязь

Дзякуй за адпраўку!

bottom of page