БЕЛАРУСКАЯ МОВА
(прафесійная лексіка)
Асаблівасці перакладу з рускай мовы на беларускую
Пры перакладзе тэкстаў з рускай мовы на беларускую часта ўзнікаюць пэўныя цяжкасці. Гэта абумоўлена наяўнасцю ў кожнай мове сваіх семантыка-стылістычных і структурна-сінтаксічных сувязей. Пры перакладзе з роднасных моў узнікае памылковае ўражанне іх тоеснасці, якая на самой справе адсутнічае. Для якаснага перакладу тэкстаў з рускай мовы на беларускую мы павінны ўлічваць лексічныя і граматычныя асаблівасці кожнай мовы. Звернем увагу на некаторыя разыходжанні.
Спосабы перакладу дзеепрыметнікаў з рускай мовы на беларускую
1. Даданы сказ (работники, имеющие квалификацию электромонтёров – працаўнік, які мае кваліфікацыю электраманцёра).
2. Перарабіць выраз, змяніўшы дзеепрыметнік аднакаранёвым:
а) назоўнікам (посещающие занятия – наведвальнікі заняткаў);
б) прыметнікам (соответствующие показания прибора – адпаведныя паказанні прылады);
в) дзеясловам (развивающееся сотрудничество приносит результаты – супрацоўніцтва развіваецца і прыносіць вынікі);
г) дзеепрыметнікам ва ўжывальнай форме (полученная величина – атрыманая велічыня);
д) дзеепрыслоўем (сделавшие измерения – зрабіўшы вымярэнні);
3. Замяніць развітым прыдаткам (прибор, измеряющий силу тока – прыбор-вымяральнік сілы тока).
4. Інверсія (змяніць парадак слоў) (измерительные приборы – прыборы вымярэння).
Калі дзеепрыметнік не мае істотнай сэнсавай нагрузкі, пры перакладзе яго можна апусціць.
Асаблівасці кіравання ў беларускай мове ў параўнанні з рускай
Кіраванне – гэта падпарадкавальная сувязь у словазлучэнні, пры якой залежнае слова ставіцца ў пэўнай склонавай форме. Сродкамі выражэння кіравання з’яўляюцца канчатак залежнага слова і прыназоўнік: ісці па вуліцы (месны склон). У якасці галоўнага слова звычайна выступае дзеяслоў і яго формы або назоўнік.
Часта пры перакладзе з рускай мовы на беларускую змяняецца склон залежных кампанентаў словазлучэння: диплом с отличием – дыплом выдатніка. Для таго, каб не дапускаць памылак, трэба ведаць спецыфіку сінтаксісу беларускай мовы ў параўнанні з рускай.
Дзеясловы жартаваць, смяяцца, кпіць і падобныя патрабуюць пры сабе назоўнік / займеннік у родным склоне з прыназоўнікам з: жартаваць з брата, смяяцца з калегі, кпіць з яго.
Дзеясловы хварэць, пакутаваць патрабуюць пры сабе назоўнік у вінавальным склоне з прыназоўнікам на: хварэць на ангіну, пакутаваць на боль у горле.
Дзеясловы ветлівасці дзякаваць, дараваць, выбачаць ужываюцца з назоўнікам/займеннікам у давальным склоне без прыназоўніка: дзякаваць таварышу, дараваць сябру, выбачаць яму.
Дзеясловы думаць, казаць, гаварыць, марыць, разважаць, клапаціцца і падобныя ўжываюцца з назоўнікам/займеннікам у вінавальным склоне з прыназоўнікам пра: марыць пра яго, казаць пра паход, думаць пра экзамены, клапаціцца пра сына. У афіцыйна-справавым стылі з формай творнага склону ўжываецца прыназоўнік аб: Закон аб мовах.
Дзеясловы руху ісці, хадзіць, ехаць, бегчы, плысці і падобныя, калі ад іх ставіцца пытанні дзе? калі?, патрабуюць пры сабе назоўнік у месным склоне з прыназоўнікам па: ісці па дарозе, хадзіць па лесе, бегчы па вуліцы, плысці па рацэ, працаваць па суботах.
Калі ж словазлучэнні з дзеясловамі руху маюць значэнне мэты, то назоўнікі ў іх ужываюцца ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам па: ісці па ваду, схадзіць па сястру. З назвамі ягад і грыбоў ужываецца прыназоўнік у: пайсці ў грыбы, схадзіць у ягады.
З дзеясловам ажаніцца ўжываецца назоўнік/займеннік у форме творнага склону з прыназоўнікам з са: ажаніцца з Марынай.
Дзеясловы пісаць, адпраўляць, дасылаць ужываюцца з формай вінавальнага склону назоўніка адрас з прыназоўнікам на: пісаць на адрас, адпраўляць на адрас.
Дзеяслоў заляцацца патрабуе пры сабе назоўнік у форме роднага склону з прыназоўнікам да: заляцацца да дзяўчыны.
Дзеясловы дакрануцца, прыхіліцца ўжываюцца з назоўнікам у форме роднага склону з прыназоўнікам да: дакрануцца да дзяўчыны, прыхіліцца да дрэва.
Пры вызначэнні адлегласці да аб’екта ўжываецца назоўнік у форме творнага склону з прыназоўнікам за: вёска за пяць кіламераў ад горада.
Дзеясловы дзівіцца, падзівіцца патрабуюць пры сабе назоўнік у форме роднага склону з прыназоўнікам з: дзівіцца з розуму, падзівіцца з брата.
Дзеясловы выракацца, пазбыцца, пазбавіцца ўжываюцца з назоўнікамі ў форме роднага склону без прыназоўніка: выракацца мовы.
У словазлучэннях з залежнымі назоўнікамі дзень, тыдзень, год ужываецца прыназоўнік на: шмат разоў на тыдзень.
Пры ўтварэнні вышэйшай ступені параўнання ўжываецца прыназоўнік за: старэйшы за сястру.