БЕЛАРУСКАЯ МОВА
(прафесійная лексіка)
Галоўная»Практычны блок»Практыкаванні»Раздзел IV. Культура прафесійнага маўлення»4.2. Падрыхтоўка да публічнага выступлення на прафесійную тэму
Раздзел IV. Культура прафесійнага маўлення
4.2. Падрыхтоўка да публічнага выступлення на прафесійную тэму
Практыкаванне 1. Падумайце над сэнсам афарызма Сакрата “Выкажыся, каб я цябе ўбачыў”.
Практыкаванне 2. Складзіце рабочы план выступлення на адну з тэм:
-
“Галоўная справа майго жыцця ”.
-
“Мая прафесія - электраманцёр ”.
-
“Як знайсці сваё прызначэнне?”.
Практыкаванне 3. Прачытайце прамову Івана Мележа на VII з’ездзе пісьменнікаў БССР. Прааналізуйце яе па наступным плане:
-
Вызначце мэту прамовы (праінфармаваць, пераканаць, пабудзіць або пазабаўляць слухачоў).
-
Акрэсліце кампазіцыю прамовы. Як прамоўца развівае тэму, як раскрывае асноўную думку, дае вытлумачэнні?
-
Вызначце асноўную тэму прамовы.
-
Назавіце галоўныя ідэі, якія раскрываюць тэму.
-
Якія аргументы, доказы, прыклады, аналогіі, лічбы, цытаты прыводзяцца ў прамове?
-
Як заканчваецца прамова?
Дарагія таварышы, я лічу абавязкам перш за ўсё расказаць пра такую важную частку работы СП, як работа прыёмнай камісіі, якую я ўзначальваю на працягу 10 гадоў. За гэты час прыёмнай камісіяй прынята ў Саюз пісьменнікаў - 96 чал. Абмяркованы дзесяткі другіх кандыдатаў, абмяркованы - і адхілены або адкладзены. Частка тых, хто ўступіў у Саюз пісьменнікаў, людзі нялёгкага жыццёвага лёсу, людзі, творчы лёс якіх склаўся няпроста, і прыёмнай камісіі даводзілася сустракацца з жыццёвымі задачамі складанага роду. Натуральна, узнікалі дыскусіі, што нярэдка перарасталі ў гарачыя спрэчкі, вынікі якіх падводзіла тайнае галасаванне. Былі выпадкі, калі да некаторых кандыдатур даводзілася вяртацца і двойчы, і тройчы, і больш разоў.
Сярод тых, хто прыйшоў у Саюз пісьменнікаў з вялікім жыццёвым вопытам, хочацца асабліва адзначыць паважанага Р.Р. Шырму, народнага артыста СССР, чалавека, што звязаў свой лёс з літаратурай яшчэ ва ўмовах нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Польшчы. Тут хочацца назваць таксама Ф.М. Янкоўскага, былога партызана-разведчыка, вядомага мовазнаўцу, які цяпер удала дэбютаваў і ў галіне прозы кнігаю “Абразкі”.
Большасць тых, хто ўступаў у Саюз, натуральна, моладзь. Былі выпадкі, калі некаторыя ўступалі ў Саюз літаральна ад студэнцкай парты. Калі рашаўся лёс чалавека яркага, перспектыўнага, на пасяджэнні камісіі звычайна была атмасфера радаснай добразычлівасці, я б сказаў, святочнасці. Ярка, шматабяцаюча, чаму падставай былі важкія творы, ішлі ў літаратуру А. Кудравец, А. Жук, А. Разанаў, М. Матукоўскі, В. Казько, І. Сяркоў, Я. Янішчыц і некаторыя іншыя таварышы. На апошнім пасяджэнні з такім настроем мы прынялі ў Саюз пісьменнікаў Паўла Марціновіча і Галіну Каржанеўскую, двух таленавітых паэтаў, якія, мы ўпэўнены, скажуць яшчэ сваё слова ў літаратуры, слова яркае, непаўторнае. П. Марціновічу, дарэчы, 22 гады. Прыкладна ў такім жа ўзросце Г. Каржанеўская. У гэтым узросце прыйшлі ў Саюз і Я. Янішчыц, і А. Разанаў, і В. Іпатава, і нямала іншых.
Вядома, у рабоце камісіі былі і ёсць свае недахопы, лёс чалавечы высветліць іншы раз нялёгка, і сярод нас не было прарокаў, якія б заўсёды маглі прадказаць будучыню кожнага ўступаючага, тым больш што ішлі і ідуць у Саюз не толькі яркія таленты. Нярэдка даводзіцца вагацца, сумнявацца, дабівацца ўпарта ісціны, і бывае, сумненні не спыняюцца і пасля тайнага галасавання, якое, здаецца, ужо ўсё рашыла.
Разам з тым хачу сказаць да маладых, што вышыня, якая называецца прыёмнай камісіяй, не самая цяжкая і высокая і няхай не палохае іх, што там нярэдка прыдзірліва разбіраюць іх творчасць. Іх яшчэ не адзін чакае пільны, нялёгкі экзамен, экзамен трэба будзе трымаць усё жыццё і куды больш адказны - экзамен перад чытачамі, перад народам. Дарога на Парнас услана не толькі ружамі.
Таварышы, калі я слухаў справаздачны даклад, у мяне амаль увесь час жыла, хвалявала радасная думка: якая ж яна вялікая і багатая, панарама нашай сённяшняй літаратуры. Колькі зроблена не толькі за ўсю гісторыю нашай літаратуры, але і за гэтыя пяць гадоў добрага, а нярэдка і выдатнага. З пачуццём адказнасці і гонару мы можам сказаць, што ў нас ёсць літаратура праўдзівая, сумленная, багатая, літаратура, якая мае права гаварыць ад імя народа як годная яго прадстаўніца ў вялікай сям'і народаў Савецкай краіны.
Калі б мяне запыталіся, што я лічу самым важным для нас у цяперашні час, я б сказаў: майстэрства, культуру. Думка І.П. Шамякіна пра тое, што талент праяўляецца ўжо ў выбары тэмы, на жаль, з майго вопыту, лішне аптымістычная. Калі згадзіцца з гэтай думкай, то мы павінны перавесці ў ранг таленавітых многія творы, якія цяжка чытаць. Выбар тэмы нічога не вырашае, выбар - гэта толькі выбар тэмы, подступ, толькі пачатак, і ўсё будзе залежыць, наколькі зробіць самае цяжкае - удасца ўзняць гэту тэму на ўзровень сапраўднага мастацтва.
Бяда нашага Саюза пісьменнікаў у тым, што мы развучыліся гаварыць адкрыта там, дзе трэба казаць непрыемнае аўтару, асабліва калі аўтар гэты масціты або займае важную пасаду. Дзякуй богу, адышлі ўжо ў мінулае часы, калі на старонках газет і на пасяджэннях размахвалі крытычнаю дубінкай ды вучылі так, што, бывала, аўтары траплялі ў накаут. Мы навучыліся гаварыць адзін за аднаго стрымана, далікатна, шануючы здароўе, карыстаючыся і намёкамі, і прыёмамі шматзначнага маўчання, што нярэдка аказваецца своеасаблівым і надзіва эфектыўным родам крытыкі. І ўсё ж трэба б - гаварыць, па-сяброўску, з павагай і ўвагай, але проста, адкрыта, гаварыць праўду-матку. А то ж, братцы, будзем абрастаць мохам.
Некаторыя творы сучаснага рэалізму аздабляюць такія выразы, што іх з трыбуны і чытаць нельга. А яны друкуюцца чорным па беламу, размнажаюцца ў тысячах і дзесятках тысяч экземпляраў. Можам гаварыць пра не адзінкавыя факты безгустоўшчыны, міма якіх праходзіць наша крытыка.
Я не падзяляю суцэльнага захаплення некаторых таварышаў адносна стану нашых спраў у драматургіі. Думаю, што стан гэты павінен нас трывожыць. Тым больш што, мяркуючы па артыкуле намесніка міністра культуры С. Пятровіча, і ў Міністэрстве культуры няма поўнай яснасці ў гэтай справе. Драматургія наша, на мой погляд, развіваецца аднабакова. Па сутнасці, амаль знікла са сцэны сацыяльная, маштабная драма, драма філасофская, псіхалагічная. Амаль зніклі складаныя, жывыя, глыбокія вобразы. Па сутнасці, спынілася вялікая, важная традыцыя, якая ў беларускім тэатры адзначана “Раскіданым гняздом”, “Бацькаўшчынай”, “Партызанамі”, “Канстанцінам Заслонавым”, “Брэсцкай крэпасцю”. Здаецца, тэатры развучыліся ставіць такія складаныя, працаёмкія творы. Не выпадкова, мусіць, нядаўна пастаўленае “Раскіданае гняздо” ўжо сышло са сцэны.
Літаратура, яе воблік ствараецца перш за ўсё не ў кабінетах Саюза пісьменнікаў, а ў рабочых кабінетах, у цішыні раскіданых па ўсім горадзе пакояў соцень шчырых, адданых працаўнікоў. Яе стварае жыццёвы вопыт многіх, розум многіх, сэрцы многіх, імкненні многіх і надзеі многіх. Усіх нас.
Гэта наша агульнае багацце. Значэнне гэтага багацця ў тым, што сэрцы нашы пры ўсёй іх рознасці поўніць у рэшце рэшт адно імкненне - імкненне быць карыснымі часу, народу, роднай партыі.
У тым, што гэта так, аснова нашай сілы, запарука нашай надзейнай і годнай будучыні!
1976