top of page

Галоўная»Тэарэтычны блок»Раздзел IV. Культура прафесійнага маўлення»4.1. Паняцце культуры маўлення

Раздзел IV. Культура прафесійнага маўлення

4.1. Паняцце культуры маўлення

У маўленні чалавек праяўляецца як асоба. Асабліва гэта важна памятаць тым, чый прафесійны род заняткаў цесна звязаны з маўленчай, камунікатыўнай дзейнасцю – настаўнікам, юрыстам, журналістам, палітыкам, дыктарам радыё і тэлебачання, прапаведнікам, бізнесменам і інш. Прыгожая, дакладная мова, правільнае вымаўленне, веданне скарбаў мовы – паказчык не толькі культуры маўлення, але і агульнай культуры асобы.

Культура маўлення – гэта сукупнасць, сістэма пэўных маўленчых якасцей, якія называюцца камунікатыўнымі якасцямі маўлення, а таксама ўменне эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя маўленчыя якасці ў канкрэтных умовах камунікацыі ў адпаведнасці з нормамі сучаснай літаратурнай мовы.

У шырокім сэнсе культура маўлення ўключае не толькі камунікатыўны і нарматыўны, а і этычны і эстэтычны аспекты.

Неабходна адрозніваць такія паняцці, як мова і маўленне.

Мова – гэта сістэма знакаў; яна служыць асноўным сродкам зносін. У адрозненне ад мовы маўленне – канкрэтнае выкарыстанне гэтага сродку зносін у працэсе камунікацыі; гэта матэрыяльны, фізічны працэс, дзейнасць таго, хто гаворыць. Мова – з'ява калектыўная, яна існуе аб'ектыўна і абавязковая для ўсіх, а маўленне адлюстроўвае вопыт канкрэтнага чалавека, яно суб'ектыўнае, адвольнае і непаўторнае.

Для абазначэння такога спецыфічнага віду дзейнасці чалавека, як маўленне, выкарыстоўваецца таксама паняцце маўленчая дзейнасць – ужыванне маўлення ў працэсе ўзаемаадносін паміж людзьмі, патрэбы людзей у інфармацыйным абмене.

Вылучаюцца наступныя камунікатыўныя якасці маўлення: правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, чысціня, багацце (разнастайнасць), выразнасць.

Названыя якасці маўлення цесна ўзаемазвязаны і ўзаемаабумоўлены, выступаюць у арганічным адзінстве.

Правільнасць – галоўная, базавая камунікацыйная якасць маўлення, бо найперш яна забяспечвае ўзаемапаразуменне суразмоўцаў. Калі няма правільнасці, не “працуюць” іншыя камунікацыйныя якасці маўлення. Правільнасць заснавана на прытрымліванні літаратурных норм, якія выпрацаваны цягам стагоддзяў і кадыфікаваны (замацаваны афіцыйна як абавязковыя для выканання) у аўтарытэтных граматыках і слоўніках (звычайна акадэмічных выданнях).

Дакладнасць маўлення заключаецца ў сэнсавай адпаведнасці слоў і выказванняў знешнім рэаліям, а таксама ў выкарыстанні адзінак маўлення ў тых значэннях, што замацаваны за імі ў адпаведных слоўніках. Дакладнасць вельмі цесна звязана з правільнасцю ўсіх узроўняў, а ў сферы тэрміналогіі з’яўляецца галоўным патрабаваннем.

Лагічнасць, з дапамогай якой устанаўліваюцца несупярэчлівыя, паслядоўныя, адпаведныя рэчаіснасці сэнсавыя сувязі паміж часткамі выказвання.

Дарэчнасць маўлення арганічна звязана з дакладнасцю і лагічнасцю. Сутнасць дарэчнасці заключаецца ў выкарыстанні моўных сродкаў з поўнай адпаведнасцю тэме гаворкі, сітуацыі маўлення, мэце выказвання, колькаснаму і якаснаму складу аўдыторыі, выбранаму стылю маўлення і ўмовам зносін.

Чысціня маўлення забяспечваецца найперш адсутнасцю чужародных літаратурнай мове элементаў. 

Выразнасць маўлення звязана з вобразнасцю афармлення моўных сродкаў і забяспечваецца дарэчным выкарыстаннем стылістычных сродкаў.

Багацце – уменне носьбіта мовы карыстацца скарбамі ўсіх яе ўзроўняў. 

7.png

Пытанні для самакантролю:

  1. Што такое культура маўлення?

  2. Што такое мова і маўленне?

  3. Што такое маўленчая дзейнасць?

  4. Пералічыце і растлумачце камунікатыўныя якасці маўлення.

 

Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Беларуская мова (прафесійная лексіка). Транспарт: вучэб. дапам. / І.У. Будзько [і інш.]; пад агул. рэд. Л.А. Гіруцкай. - Мінск: РІПА, 2019. - 223 с.

  2. Сычанава, Н.М. Беларуская мова (прафесійная лексіка). Энергетыка: вучэб. дапам. / Н.М. Сычанава. - Мінск: РІПА, 2019. - 99 с.

  3. Шабліцкая, Н.В. Беларуская мова (прафесійная лексіка). Будаўніцтва: вучэб. дапам. / Н.В. Шабліцкая. - Мінск: РІПА, 2020. - 131 с.

Аўтар - Паўтарака Дар'я Мікалаеўна
Складальнік блока інтэрактыўных практыкаванняў - Краўчэня Вольга Мікалаеўна
Рэдактар, метадычнае суправаджэнне - Мажэйка Вольга Аляксандраўна
Тэхнічнае суправаджэнне - Гаражанка Ксенія Уладзіміраўна

bottom of page