top of page

Галоўная»Тэарэтычны блок»Раздзел ІІІ. Функцыянальныя стылі маўлення»3.1. Навуковы стыль

Раздзел III. Функцыянальныя стылі маўлення

3.1. Навуковы стыль

Навуковы стыль – адзін з функцыянальных стыляў беларускай літаратурнай мовы, які абслугоўвае сферу навукі і набліжаецца да афіцыйна-справавога стылю аб'ектыўнасцю, акрэсленасцю і лаканічнасцю выкладу.

Навуковы стыль адносіцца да кніжных стыляў літаратурнай мовы. Для яго характэрны маналагічны характар выказвання,  строгі адбор моўных сродкаў,

лагічная паслядоўнасць выказвання, сцісласць тэксту пры інфармацыйнай насычанасці зместу, выкарыстанне кадыфікаванай (унармаванай) літаратурнай мовы.

Асноўная функцыя навуковай мовы – перадача навуковай інфармацыі, дакладнае, строгае і лагічнае выказванне думкі. Гэтай функцыяй абумоўліваюцца спецыфіка навуковага стылю і яго асноўныя стылёвыя рысы: навуковая тэматыка тэкстаў, абстрактнасць і абагульненасць, аб'ектыўнасць і дакладнасць, лагічнасць і строгасць, доказнасць, насычанасць фактычнай інфармацыяй.

Навуковая тэматыка тэкстаў. Навука як своеасаблівая сфера чалавечай дзейнасці мае сваё прызначэнне: даць праўдзівую інфармацыю аб навакольным свеце. Прыналежнасць тэкстаў да навуковага стылю прадвызначае іх тэматыку: тэксты розных галін навукі раскрываюць пытанні менавіта той сферы ведаў, у рэчышчы якой праводзіцца даследаванне, тлумачэнне прычын з'яў рэчаіснасці, апісанне прадмета навуковага пазнання.

Абстрактнасць і абагульненасць навуковага выкладу абумоўлены спецыфікай навуковага пазнання. У тэкстах навуковага стылю выкарыстоўваецца абстрактная лексіка, характэрная для пэўнай галіны навукі: устойлівасць, сукупнасць, уласцівасць, станаўленне, вымярэнне, працэс, працягласць і інш. У навуковых тэкстах слова як лексічная адзінка называе звычайна не канкрэтны, асобна ўзяты прадмет, а цэлы клас аднастайных прадметаў, з'яў, гэта значыць, што слова выражае не прыватнае, не індывідуальнае, а агульнае, з'яўляецца паняццем – абагульненым адлюстраваннем у свядомасці чалавека рэалій навакольнага свету.

Абагульнена-абстрактны характар навуковага маўлення праяўляецца таксама ў адборы лексічнага матэрыялу (пераважнае ўжыванне назоўнікаў, выкарыстанне пэўных формаў дзеясловаў і інш.) і ў спецыфічных сінтаксічных канструкцыях (выкарыстанне няпэўна-асабовых сказаў, пасіўных канструкцый і інш.).

Аб'ектыўнасць і дакладнасць навуковага выкладу праяўляецца праз выкарыстанне ў навуковых тэкстах тэрмінаў і адназначных, нявобразных слоў. Для мовы навукі не характэрна ўжыванне слоў-сінонімаў, слоў з пераносным значэннем (выключэнне складаюць тэрміны-метафары; у фізіцы – ядро атама, у матэматыцы – вось гіпербалы, цела Архімеда, дрэва складовых, паласа крытычная).

Аб'ектыўнасць як спецыфічная рыса навуковага стылю праяўляецца ў выкладанні не аднаго, а некалькіх поглядаў на праблему, у засяроджанасці на прадмеце выказвання і адсутнасці суб'ектывізму пры перадачы зместу. Мэтай любога навуковага паведамлення з'яўляецца выклад навуковых ведаў і іх доказ, таму асабістыя эмоцыі немагчымыя, а роля аўтарскага “я” нязначная. Менавіта таму ў мове навуковых прац прынята замест займенніка я ўжываць асабовы займеннік мы (наш, нам) і выкарыстоўваць такія канструкцыі, як: на нашу думку..., на наш погляд..., паводле нашых назіранняў..., на думку аўтара..., аўтар лічыць... і пад.

Лагічнасць і строгасць навуковага выкладу праяўляецца ў тэкстах навуковага стылю ў выглядзе сістэмы сэнсавай сувязі як паміж асобнымі сказамі, так і паміж вялікімі часткамі навуковых тэкстаў. Інфармацыя ў навуковых тэкстах павінна падавацца паслядоўна і быць несупярэчлівай. Лагічнасць і строгасць навуковага выкладу дасягаецца шляхам выкарыстання:

спецыяльных канструкцый: трэба   адзначыць,   неабходна спыніцца, варта пагадзіцца, зараз звернемся, спачатку прааналізуем;

пабочных канструкцый: па-першае, па-другое, па-трэцяе, значыць, гэта значыць, такім чынам;

злучнікаў (злучальных слоў) і прыслоўяў: таму, пагэтаму, таксама, адсюль;

канструкцый з прыназоўнікамі: з прычыны, у сувязі, у выніку, у адпаведпасці з;

абагульняльнага слова пры аднародных членах: абрады маюць шэраг жыццёва важных функцый: функцыя сацыялізацыі індывіда, рэпрадуктыўная (абнаўленне і падтрымка традыцый, нормаў, каштоўнасцей калектыву) і інш.

складаназалежных сказаў: 3 пункту погляду сучаснай філасофіі сістэма -катэгорыя, якая фарміруе анталагічнае ядро сістэмнага падыходу і абазначае аб'ект, арганізаваны ў якасці пэўнай цэласнасці, дзе энергія сувязей паміж элементамі сістэмы пераўзыходзіць энергію іх сувязей з элементамі іншых сістэм...;

прамога парадку слоў у сказах: Сотні тысяч каменных, гліняных, металічных, касцяных, драўляных і шкляных вырабаў, зброі, твораў мастацтва, у тым ліку ўнікальных знаходак, сталі асновай экспазіцый рада музеяў краіны.

Аднак лагічнасць і строгасць навуковага выкладу не выключае магчымасці выкарыстання ў тэкстах навуковага стылю своеасаблівай вобразнасці, эмацыянальнасці і экспрэсіі. Прызначэнне гэтых сродкаў мовы ў навуковым стылі іншае, чым у мастацкім і публіцыстычным стылях. У навуковым маўленні яны выкарыстоўваюцца з мэтай тлумачэння, канкрэтызацыі навуковых звестак з мэтай дасягнення даступнасці выкладу інфармацыі. У адрозненне ад мастацкага маўлення ў навуковым эмацыянальнасць і экспрэсія не складаюцца ў мастацка-вобразную сістэму, не з'яўляюцца сродкамі стварэння вобразнасці. Гэта асобныя элементы, якія ўласцівыя навуковым творам палемічнай скіраванасці і якія выяўляюцца ў навукова-навучальным і навукова-папулярным падстылях.

Доказнасць навуковага выкладу. У тэкстах навуковага стылю ўсе палажэнні і гіпотэзы павінны быць аргументаваны і іх правільнасць павінна пацвярджацца разнастайнымі графікамі, схемамі, дыяграмамі, формуламі, тэкставымі ілюстрацыямі і цытаваннем аўтарытэтных даследчыкаў са спасылкамі на іх працы: У адпаведнасці з канцэпцыяй, прапанаванай А.В. Суперанскай, Н.У. Падольскай, Н.У. Васільевай, тэрміналогія лічыцца аўтаномным класам лексікі, паколькі “тэрміны кожнай галіны ведаў фарміруюць сваю асобую тэрміналогію і значэнне кожнага тэрміна раскрываецца цалкам толькі ў сістэме апошняй”.

Насычанасць фактычнай інфармацыяй. У навуковых тэкстах шырока выкарыстоўвагоцца абрэвіятуры, разнастайныя ўмоўныя скарачэнні, формулы, сімвалічныя абазначэнні: АТП – адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, ПРП – прыродна-рэсурсны патэнцыял, БАР – біялагічна-актыўныя рэчывы.

Для тэкстаў навуковага стылю ўласціва наяўнасць канкрэтнай і дакладнай фактычнай інфармацыі (лічбы, даты, уласныя назвы і інш.), што надае навуковаму выкладу дадатковую грунтоўнасць і  аб'ектыўнасць.  

 

Пытанні для самакантролю:

  1. Чым абумоўліваюцца спецыфіка і стылёвыя рысы навуковага стылю?

  2. У чым заключаецца абстрактнасць і абагульненасць навуковага выкладу?

  3. Што такое аб'ектыўнасць і дакладнасць навуковага выкладу? Як праяўляецца аўтарскае “я” ў тэкстах навуковага стылю?

  4. Як вы разумееце паняцце лагічнасць і строгасць навуковага выкладу? Назавіце, з дапамогай якіх сродкаў дасягаецца лагічнасць і строгасць навуковага выкладу,

  5. Што такое доказнасць навуковага выкладу?

  6. 3 якой мэтай у навуковых тэкстах выкарыстоўваецца такая стылёвая рыса, як насычанасць фактычнай інфармацыяй?

 

Спіс выкарыстаных крыніц:

  1. Батура, Т.В. Беларуская мова (прафесійная лексіка). Аўтаматызацыя: вучэб. дапам. / Т.В. Батура. - Мінск: РІПА, 2018. - 113 с.

  2. Беларуская мова (прафесійная лексіка). Педагогіка: вучэб. дапам. / Д.В. Дзятко [і інш.] // пад агул. рэд. Д.В. Дзятко. - Мінск: РІПА, 2020. - 279 с.

  3. Сычанава, Н.М. Беларуская мова (прафесійная лексіка). Энергетыка: вучэб. дапам. / Н.М. Сычанава. - Мінск: РІПА, 2019. - 99 с.

  4. Функцыянальныя стылі і жанры маўлення, стылеўтваральныя моўныя сродкі. Навуковы стыль [Электронны рэсурс]. - Рэжым доступу: http://profil.adu.by/mod/book/tool/print/index.php?id=4955. - Дата доступу:-5.01.2022.

bottom of page